Родом из 1816-го
Мяне хацелі выдаць не проста за нялюбага, але і за бессардэчнага чалавека, і ніякія яго багацці не маглі згладзіць прыгатаванага мне жаху. Я сказала бацьку, што калі ён не зменіць свайго рашэння – я лягу непрабудным сном і прасплю ці ўсё сваё жыццё, ці да таго часу, пакуль ён не адмовіцца ад ідэі загадзя горкага шлюбу для мяне. Бацька ведаў, што мае справу з адной з роду Чарадзеяў, бо ён сам быў прадстаўніком гэтага няпростага роду, але ў гневе пракрычаў, што не адступіць ад сваёй першай волі. І я таксама не адступілася ад сваёй волі: легла ў свой ложак і трапіла ў непрабудны сон.
Мяне спрабавалі будзіць… Мне так здаецца… Але я сыйшла ў занадта глыбокую стадыю летаргічнага сну. Калі майго бацькі не стала праз год пасля майго сыходу ў царства сноў, мяне пахавалі ў магіле, выкапанай побач з яго, такім чынам аддаўшы маё нетлеючае цела зямлі. Пахаваць мяне напаўжывой загадаў чалавек, якому мяне прасваталі і якому ў выніку дастаўся маёнтак майго бацькі. Маё цела пераапранулі ў прыгожую белую сукенку нявесты – у тыя часы належыла хаваць нявінніц у такім уборы, – і з пышнымі ўшанаваннямі аддалі шматку зямлі, пазначыўшы яго прыгожым кованым крыжом і агароджай, якія, у рэшце рэшт, пазелянелі ад часу і пакрыліся шызым сфагнумам.